Рэдакцыйная калонка

Пасля дваццаці пяці гадоў маўчання “Журнал беларускіх даследаванняў” аднаўляе сваю дзейнасць. Адроджаны “Журнал” стане платформай, на якой беларускія і заходнія беларусісты змогуць друкаваць плён сваіх даследаванняў.

Журнал будзе выходзіць па-ангельску і па-беларуску. З аднаго боку, гэта дазволіць беларусам паказаць краіну і яе развіццё са сваёй перспектывы на ангельскай мове і ў адпаведнасці са стандартамі заходніх рэцэнзаваных выданняў. Пры гэтым, заходнія акадэмічныя структуры бліжэй пазнаёмяцца з беларускімі даследнікамі.

З іншага боку, беларуская версія часопіса дапаможа заходнім беларусістам патрапіць у мэйнстрым беларускага навуковага жыцця і прабіцца да больш шырокага кола чытачоў у Беларусі.

Згодна з даўняй традыцыяй “Журналв”, заснаванага яшчэ ў 1965 годзе, у яго новай версіі будуць артыкулы з розных дысцыплін заходніх і беларускіх даследнікаў, што працуюць як у Беларусі, так і за яе межамі.

У гэтым нумары Андрэй Катлярчук, беларускі даследнік са Швецыі, вывучае сучасную палітыку памяці ў Беларусі на прыкладзе новых помнікаў ахвярам Галакосту, генацыду цыганоў і масаваму забойству прадстаўнікоў польскай меншасці пад час Другой сусветнай вайны.

Аўтар аналізуе, як міфалогія Другой сусветнай вайны эксплуатуецца для развязання актуальных палітычных задач. Доктар Катлярчук праводзіць цікавыя паралелі паміж палітыкай памяці ў Беларусі і ва Ўкраіне, дзе ўжо былі зробленыя крокі да прымірэння з Польшчай і Расеяй. Беларусь сутыкаецца з тымі ж праблемамі, што і Ўкраіна – а менавіта з нежаданнем ушаноўваць памяць вынішчаных цыган і з імклівым ростам мемарыялізацыі галакосту.

У тэксце Дэйвіда Марплза з Канады даследуецца геапалітычнае балансаванне, якога трымаюцца беларускія ўлады. Ён звяртае ўвагу на тое, што Беларусь разглядае Еўрапейскі Саюз і Расію як два асобныя і супрацьлегла скіраваныя блокі ўлады, што імкнуцца далучыць Беларусь да сябе, – пры гэтым неістотна, сутыкаюцца інтарэсы ЕС і Расіі тут ці не. Абедзве суседкі адпавядаюць такому партрэту: ЕС накладае санкцыі на Беларусь пасля выбараў, Расія ж прызнае гэтыя выбары свабоднымі і справядлівымі.

Доктар Марплз сцвярджае, што калі Расія будзе надта ціснуць на беларускія ўлады, яны павернуцца да Еўропы і – для дасягнення сваіх задач – выпусцяць з турмаў найбольш уплывовых вязняў сумлення. Па сутнасці, гэта палітычная гульня, ды правілы ў ёй вызначае не столькі Брусель ці Масква, колькі Менск. У артыкуле таксама разглядаюцца іншыя няпростыя пытанні – напрыклад, ці мае ЕС рацыю, навязваючы свае геапалітычныя і маральныя меркаванні пра былы савецкі рэжым, прытым што вялікая частка насельніцтва задаволеная тагачасным урадам і стандартамі жыцця.

Прафесар Арнольд МакМілін з Лондана актыўна друкаваўся ў “Часопісе” ў мінулым. У гэтым нумары яго артыкул прысвечаны паэзіі беларусаў, пакараных пазбаўленнем волі за “злачынства”, якое заключалася ў супраціўленні варожым палітычным сістэмам ці ў абароне свабод нацыянальных і рэлігійных меншасцяў. Ён надзвычай цікава расказвае пра беларускіх паэтаў у польскіх, савецкіх і сучасных беларускіх турмах. Прафесар МакМілін ілюструе свой артыкул запамінальнымі прыкладамі з жыцця паэтаў – напрыклад гісторыяй Сяргея Новіка-Пеюна (1906–1994), якога спачатку арыштавалі польскія ўлады, затым зняволілі нямецкія захопнікі і, урэшце, выслаў у савецкія лагеры Сталін.

Нарэшце, даследніца з Горадні, Наталля Сліж, разглядае законы і традыцыі, згодна з якімі адбывалася выпасажэнне шляхцянак Вялікага Княства Літоўскага ў ХVI–XVII стагоддзях. Доктар Сліж закранае такія пытанні, як парадак размеркавання пасагаў, змест пасагу, квіт пра яго атрыманне і карыстанне пасагам. Яна апісвае некалькі цікавых выпадкаў выпасажэння шляхцянак, якія яскрава ілюструюць асаблівасці тагачаснага жыцця на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Нумар таксама змяшчае кніжныя рэцэнзіі айца Аляксандра Надсана, прафесара Арнольда МакМіліна і Паулы Бароўскай. Джым Дынглі прадстаўляе/падае/прапануе сціслы агляд апошніх падзей у Англа-беларускім таварыстве. У канцы нумара дадзены агляд інтэрнэт-старонак беларускіх аналітычных цэнтраў, якія маглі б дапамагчы замежным даследнікам лепей зразумець Беларусь.