Рэдакцыйная калонка

Гэты нумар “Журнала беларускіх даследаванняў” змяшчае артыкулы як знаных навукоўцаў, так і маладых даследнікаў, беларускіх і заходніх аўтараў, якія ахопліваюць шырокі аспект тэмаў – ад гісторыі беларускай дзяржаўнасці да беларуска-іранскіх дачыненняў і дзейнасці НДА, заснаваных урадавымі структурамі ў Беларусі.

У нумар таксама ўвайшлі чатыры кніжныя рэцэнзіі, напісаныя аўтарамі з ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і Польшчы. Адкрываюць нумар Дарота Міхалюк з універсітэта Мікалая Каперніка (Торунь) і Пэр Андэрс Рудлінг з Лундскага ўніверсітэта. Яны даследуюць развіццё ідэі беларускай дзяржаўнасці падчас нямецкай акупацыі беларускіх земляў у 1918–1919 гадах. Аўтары ўважаюць, што нямецкая адміністрацыя падтрымлівала беларускі нацыянальны рух, каб з яго дапамогай паслабіць іншыя нацыянальныя рухі рэгіёна. У артыкуле таксама звяртаецца ўвага на тое, наколькі папулярнымі сярод тагачасных беларускіх інтэлектуалаў былі ідэі дзяржаўнасці гістарычнай Літвы і “заходнерусізму”.

Сяргей Богдан з Свабоднага ўніверсітэта Берліна аналізуе беларуска-іранскія дачыненні, якія ад часу свайго ўсталявання ў 1993 годзе перажылі шэраг якасных і колькасных зменаў. Істотны ўплыў на дачыненні між краінамі мела пераўтварэнне ЗША ў адзіную супердзяржаву, а таксама яе спробы ізаляваць іранскі рэжым. Беларусі ўдалося заключыць шэраг дамоваў з Іранам, нягледзячы на супраціўленне з боку Захаду і дзякуючы хаўрусу з Расеяй, якая абараняла і падтрымлівала розныя аспекты знешняй палітыкі Беларусі, у тым ліку ейны курс на супрацоўніцтва з Блізкім Усходам.

Настасся Матчанка разглядае ролю праўладных недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі. У адрозненне ад сапраўды незалежных недзяржаўных арганізацый, праўладныя НДА атрымліваюць непасрэдную падтрымку ад дзяржавы. Аўтарка аналізуе, у якой ступені грамадскія ўтварэнні, што падтрымліваюцца дзяржавай, сімулююць дзейнасць прадэмакратычных арганізацый і наколькі маштабна адбываецца падмена імі аўтэнтычнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

У нумар таксама ўключаныя кніжныя рэцэнзіі Вітаўта Кіпеля, прэзідэнта Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Арнольда Макміліна з Універсітэцкага каледжа Лондана, Лізаветы Касмач з універсітэта Альберты і Рыгора Астапені з Варшаўскага. Тэмы прадстаўленых імі выданняў – асабістыя мемуары, беларускае літаратуразнаўства, палітыка беларусізацыі 1920-х гадоў гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. 

Джым Дынглі, сыходзячы старшыня Англа-беларускага таварыства, змяшчае ў нумары справаздачу пра беларускія падзеі ў Лондане за апошні год. Сярод гэтых падзеяў адзначаная канферэнцыя, прысвечаная ролі Кастуся Каліноўскага ў працэсе нацыятворчасці ў Беларусі, што прыцягнула навукоўцаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Польшчы і Літвы.

Гэты нумар “Журнала беларускіх даследаванняў” выходзіць у той час, калі пасаду старшыні Англа-беларускага таварыства заняў Браян Бэнэт, былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Варта адзначыць яшчэ адну нядаўнюю перамену – Цэнтр пераходных даследаванняў, які выдае “Журнал” для Англа-беларускага таварыства, перайменаваны ў Цэнтр Астрагорскага. Майсей Астрагорскі (1854 – 1921) быў выбітным беларускім палітолагам, палітыкам і гісторыкам, зрабіў вялікі ўнёсак у даследаванне палітыкі і права ў пераходны перыяд.